24e2f44e     

Седнев Масей - I Той Дзень Надыйшоў (На Белорусском Языке)



Масей Сяднёў
I той дзень надыйшоў
Раман
ЧАСТКА ПЕРШАЯ
Мала карысьцi ад слоў, веры каторым няма
Мiкола Гусоўскi
Дзеля чаго яна назвала мяне Юзiкам i пры якiх абставiнах, я скажу пазьней,
значна пазьней, калi яна ўжо будзе дарослай. Цяпер-жа яна яшчэ малая, ёй ня
болей, як адзiнаццаць год, i, думаю, што яна ня ведае яшчэ, як мяне завуць
наогул. Дый у яе няма нiякай патрэбы ведаць, як мяне завуць. Зрэшты, яна са
мной дасюль яшчэ нi разу й не гаварыла - саромiцца. Пры сустрэчы апушчае вочы
долу - глядзiць толькi на мае жоўтыя гарадскiя бацiнкi, у якiх я ўсё яшчэ
хаджу, ня ськiдаю, хоць з Менску я прыехаў да сваiх бацькоў болей як тыдзень
таму назад i мог-бы ўжо прывыкнуць зноў хадзiць босым, як i ўсе тут ходзяць.
Яна таксама босая. Ёй, вiдаць, падабаецца, што я апрануты пагарадскому i,
значыцца, не такi, як усе. Ёй таксама падабаецца, што я - студэнт, дадам -
адзiны на ўсю вёску. Я ўжо на той ступенi, што нават магу не хадзiць на працу
ў калгас, не пеклавацца, як усе, магу хадзiць панiчом, прастойваць нямаведама
чаго цэлымi гадзiнамi на нашым мосьце праз рэчку Сьвiнку, што прабягае памiж
ейнаю i маёю вёскамi, разьдзяляе iх. На гэтым мосьце, бывала, сыходзiлася ў
сьвяточныя днi моладзь з абедзьвюх вёсак - Мокрага Першага i Мокрага Другога.
Цяпер, як настаў калгас, моладзь зьбiраецца тут рэдка - трэба i ў сьвяты
працаваць.
Вось i сёньня я на мосьце толькi сам: рабочая-ж пара, пагодны дзень i ўсе
- на полi. Гляджу, як унiзе, перад самым мостам, там, дзе глыбей, боўтаецца
дзятва - адна малеча. Дае нырца, выплывае наверх, пырскаецца i як у гэтых
пырсках ламаецца на аськепкi сонца. Дарослыя-ж будуць купацца-мыцца ўвечары,
калi сьцямнее i можна будзе лезьцi ў ваду голым, бяз трусiкаў - такiх рэчаў
тут нi ў кога няма.
Яна таксама - бачу па ёй - хацела-б плёхацца разам з малымi, каб толькi ў
тым купеле былi адны дзяўчынкi i ня было хлопчыкаў. Яна стаiць там, унiзе на
беразе, i прыглядаецца - дзiўна! - якраз да хлопчыкаў, асаблiва, калi яны,
голыя i загарэлыя, вылазяць на бераг. Час-ад-часу - я гэта бачу - яна кiне на
мяне няўпрыкмяць свой сарамлiвы погляд. Але я сябе ня выдаю, што прыкмячаю
гэта. Яна там, унiзе, на поплаве, не адна - з ёю гусi, цэлы статак. У руках
трымае доўгую хварасьцiну - кiруе ёю гусей. На галаве ў яе гарыць чырвоны
банцiк, коскi зьвiсаюць да пояса. Зiрк - як у Божай Мацеры: выразьлiва ясны,
кiдкi i як-бы задуменна-засмучаны. Гэта калi яна глядзiць прама на цябе.
Зiркне-ж збочлiва - як апалiць. Яна ўся пайшла ў матку - у маткi-ж таксама
лахматыя, з роськiдам, бровы, чорныя, як воранава крыло. З-пад iх зораць на
цябе прадонныя вочы, гульлiва-мiтусьлiвыя. Завуць ейную мацi Хiмай. У Мокрым
яна адна такая. Гавораць, што свой пачатак Хiма ўзяла ад маладога
цыгана-ганчара, што езьдзiў па ваколiчных вёсках з гаршкамi i, бывала,
спыняўся нанач у ейных, Хiмiных, бацькоў. Дачцы-ж, хоць яна й пайшла ў матку,
дадалiся яшчэ й бацькавы рысы - выйшла прывабная харашуня, што й стаiць вось
цяпер перада мною ўнiзе з статкам гусей i хварасьцiнай у руках.
Мой знаёмы, настаўнiк Вяркееў, з якiм я сябрую, неяк сказаў мне, што ў
ягоным трэйцiм класе сярод дзяўчынак - яна самая прыгожая, хоць i не самая
пасьпяховая i што з ёю трэба займацца дадаткова. (Бацькi вучняў казалi мне,
што Вяркееў спамiж настаўнiкаў найбольш адукаваны чалавек, хоць дасюль у гэтым
я ня мог пераканацца.)
Вяркееў угледзеў мяне на мосьце. (Ён чакаў майго прыезду, пытаўся ў
бацькi, калi я буду.) Iмчыць з горкi ад школы. Вiтаецца:



Назад